Рэкамендацыі ратавальнікаў падчас спякоты

Ратавальнікі Жодзінскага ГАНС рэкамендуюць як мага менш знаходзіцца пад прамымі сонечнымі промнямі. Калі гэта непазбежна, то абараняйце галаву капелюшамі і парасонамі.
Памятайце, што з 12.00 да 16.00 сонца найбольш актыўна. У гэты час пажадана абараняць усе ўчасткі цела ад траплення сонечных прамянёў – выкарыстоўвайце закрытую вопратку з натуральных тканін і сонцаахоўныя крэмы. Піце больш вадкасці, але не спіртное. У спякоту дзеянне алкаголю ўзмацняецца і арганізм становіцца больш адчувальным да высокай тэмпературы. Піце астуджаную ваду, зялёную гарбату, квас.
Варта па магчымасці абмежаваць працяглыя паездкі на аўтамабілі, калі такой магчымасці няма, будзьце максімальна ўважлівымі на дарозе, т.я. падчас спякоты можа пагоршыцца самаадчуванне, адбыцца рассейванне ўвагі і зніжэнне рэакцыі. Не пакідайце дзяцей у салоне стаялага аўтамабіля нават на непрацяглы час. Ва ўмовах спякоты – гэта можа прывесці да непрытомнага стану дзіцяці.
Калі вы плануеце адпачынак каля вады, выбірайце спецыяльна дазволеныя месцы, у тым ліку, дзе дзяжураць ратавальнікі АСВОД. Дно вадаёма павінна быць чыстым і неглыбокім, без карчакоў, багавіння і глею. Агледзьцеся – ці няма бітага шкла, вострых камянёў і іншых небяспечных прадметаў. Назірайце за дзецьмі, калі яны гуляюць на беразе, не выпускайце іх з-пад увагі.