ЖОДЗІНСКІ ГАРАДСКІ ВЫКАНАЎЧЫ КАМІТЭТ

02.04.2024 16:32

У Жодзіне прайшоў мітынг, прысвечаны Дню яднання народаў Беларусі і Расіі

У манумента ў гонар маці-патрыёткі Анастасіі Купрыянавай адбыўся мітынг «Пад небам адзіным», прысвечаны Дню яднання народаў Беларусі і Расіі. У ім прынялі ўдзел кіраўніцтва Жодзіна, грамадскія арганізацыі, прадстаўнікі ГА «Патрыёты Беларусі».

Кіраўнік горада Дзмітры Заблоцкі адзначыў, што Беларусь і Расія, развіваючыся як дзве суверэнныя дзяржавы, звязаны агульнай гісторыяй горкіх людскіх страт і вялікіх перамог за мірнае неба над галавой, права жыць і працаваць на сваёй зямлі. І ўсе разумеюць: мы адзіныя і разам мы непераможныя!

На мітынгу ўручылі юбілейныя медалі ў гонар 35-годдзя вываду войскаў з Афганістана, а таксама далі старт лёгкаатлетычнаму і аўтамабільнаму прабегам. Жодзінскія вайскоўцы са сцягамі прабеглі па вуліцах горада, а калона больш чым з 60 машын праехала па знакавых месцах.

У маршруце  – помнік воінам-інтэрнацыяналістам і Брацкая магіла 12 воінаў Савецкай Арміі і партызан. Прадстаўнікі мясцовай улады, грамадскіх арганізацый, вайскоўцы і моладзь усклалі кветкі  як даніна памяці воінам, якія абаранілі свабоду і незалежнасць.