Ва ўсіх раёнах Мінскай вобласці 22 сакавіка пройдуць мерапрыемствы каля мемарыялаў жыхарам спаленых вёсак
Ва ўсіх раёнах Мінскай вобласці 22 сакавіка ўспомняць ахвяр спаленых вёсак. Аб гэтым БЕЛТА расказалі ў прэс-службе Мінскага аблвыканкама.
У мемарыяльным комплексе “Хатынь” 22 сакавіка, калі будзе адзначацца 83-я гадавіна з дня трагедыі, па традыцыі адбудзецца Вахта Памяці, якая атрымала назву ўсенароднага ўскладання, да якой далучацца ўсе рэгіёны краіны. У гэту журботную дату да брацкай магілы згарэлых у агні жыхароў беларускай вёскі, да фігуры Няскоранага чалавека, а таксама да Вечнага агню прынясуць кветкі прадстаўнікі ўлады, працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый, моладзь, прыедуць успомніць хатынцаў сем’і з самых аддаленых куткоў краіны і з-за мяжы.
У гэты дзень па ўсёй Мінскай вобласці Вахты Памяці пройдуць каля мемарыялаў жыхарам спаленых вёсак. Так, у Барысаўскім раёне землякі збяруцца каля брацкіх магіл мірных жыхароў вёсак Скупліна і Лісіна, у аграгарадку Мсціж – каля помніка партызанам – работнікам калгаса імя Леніна, па-зверску закатаваным фашыстамі 4 кастрычніка 1942 года. Ушануюць памяць мірных жыхароў вёсак Іканы, Пустамсціж і Гарэлы Луг, спаленых і расстраляных фашыстамі 28 мая 1943 года і інш. У Вілейскім раёне моладзь, прадстаўнікі ўлады і сілавых структур, грамадскіх аб’яднанняў, кіраўнікі арганізацый і ўстаноў, ідэалагічны актыў збяруцца ў мемарыяльным комплексе “Месца спаленай вёскі Любча”.
У Капыльскім раёне мерапрыемствы пройдуць па пяці такіх адрасах: каля помнікаў ахвярам фашызму ў вёсцы Жавулкі, Рулёва, Калодзезнае, Масевічы і Вялікія Прусы. У Мядзельскім раёне ўспомняць загінулых жыхароў вёскі Навікі, а ў Пухавіцкім ускладуць кветкі да брацкай магілы ахвяр вайны ў вёсцы Прыстань. У Чэрвеньскім раёне памятныя мерапрыемствы запланаваны ў мемарыяльным комплексе “Папова Града”.-