Плацяжы па QR-кодзе будуць даступны кліентам усіх банкаў Беларусі з 1 снежня
Плацяжы па QR-кодзе будуць даступны кліентам усіх банкаў Беларусі з 1 снежня 2026 года. Аб гэтым расказаў старшыня праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Раман Галоўчанка ў інтэрв’ю часопісу “Банкаўскі веснік”, паведамляе БЕЛТА.
“Развіццё нацыянальнай плацежнай сістэмы, яе тэхналагічная незалежнасць і ўстойлівасць – наш безумоўны прыярытэт. Мы паслядоўна рухаемся да таго, каб плацежная інфраструктура краіны адпавядала самым сучасным патрабаванням, была зручнай для людзей і надзейнай у любой сітуацыі. Ключавы праект у гэтай сферы – сэрвіс “КРОК” (ажыццяўленне плацяжоў па QR-кодзе). Гэта не проста чарговы плацежны сэрвіс, а паўнацэнная суверэнная альтэрнатыва міжнародным плацежным сістэмам, пабудаваная выключна сіламі айчынных спецыялістаў на нацыянальнай плацежнай інфраструктуры. Праведзена мадэрнізацыя сістэмы імгненных плацяжоў, распрацавана і ўкаранёна ў АРІП усё неабходнае праграмнае забеспячэнне. Важна падкрэсліць: усё – ад архітэктуры да канчатковага кода – створана ў Беларусі”, – сказаў Раман Галоўчанка.
У снежні 2025 года банкі – удзельнікі фокус-групы правялі пілотныя плацяжы. “Сістэма працуе стабільна. Ужо ажыццёўлены пераход ад пілота да фазы маштабавання. Устаноўлены дакладныя тэрміны падключэння ўсіх банкаў: з 1 ліпеня 2026 года да сэрвісу падключацца банкі, якія ўваходзяць у групу значнасці I, з 1 снежня 2026-га аплата па QR-кодзе праз “КРОК” стане даступна кліентам усіх банкаў краіны”, – адзначыў кіраўнік Нацбанка.
Паводле яго слоў, у будучыні плануецца аб’яднанне разрозненых плацежных QR-сэрвісаў у адзіную бясшвовую экасістэму, дзе плацеж праходзіць імгненна і бяспечна незалежна ад таго, праз які банк або дадатак ён ажыццяўляецца. Будуць дабаўляцца новыя сцэнарыі аплаты, нарошчвацца функцыянал, пашырацца магчымасці для бізнесу. “Ключавы прынцып застанецца нязменным: усе рашэнні, якія ствараюцца, працуюць на нашай уласнай інфраструктуры і нацыянальных распрацоўках”, – падкрэсліў Раман Галоўчанка.