Вобласць зарабіла 2 млн 108 тысяч рублёў. Аляксей Кушнарэнка падвёў вынік суботніка на Міншчыне
Рэспубліканскі суботнік аб’яднаў сёння ўсю Беларусь: тысячы людзей выйшлі на вуліцы, у паркі, будаўнічыя аб’екты, каб унесці свой уклад у добраўпарадкаванне гарадоў і вёсак. Сапраўднае войска добраахвотнікаў выставіў Цэнтральны рэгіён: больш за 323 тысячы чалавек. Пра гэта распавёў старшыня Менаблвыканкама Аляксей Кушнарэнка, які таксама не застаўся ўбаку ад агульнай справы. Губернатар працуе на будаўніцтве школы №2 у Прылуках, якую адкрыюць да 1 верасня.
— Уся Міншчына выйшла сёння на рэспубліканскі суботнік: усяго больш за 323 тысячы чалавек, якія талакой працуюць на карысць цэнтральнага рэгіёна, усёй рэспублікі ў цэлым, — паведаміў Аляксей Кушнарэнка. — гэта ўжо такая традыцыя: выходзіць і разам працаваць на карысць нашай краіны.

Старшыня Мінаблвыканкама акцэнтаваў увагу: рэспубліканскі суботнік у Мінскай вобласці — гэта не проста ўборка, а сапраўднае ператварэнне.
— У парадак прывядуць аб’екты і тэрыторыі населеных пунктаў, помнікі гісторыі і культуры. Асаблівая ўвага — мемарыялам, месцам баявой і вайсковай славы, пахаванням воінаў і партызан часоў Вялікай Айчыннай вайны.

Кіраўнік Міншчыны расказаў, чаму сёння вырашыў прыехаць менавіта на новую школу, якая будуецца ў Прылуках.

— Разам з маладымі настаўнікамі, кіраўніцтвам Мінаблвыканкама абласнога Савета дэпутатаў прыехалі ў аграгарадок Прылукі Мінскага раёна, дзе 1 верасня свае дзверы для 1020 вучняў адкрые сучасная школа. Па сутнасці, мы сёння ствараем камфортныя ўмовы для наступных пакаленняў.

Падчас рэспубліканскага суботніка Мінская вобласць плануе зарабіць каля 2 млн 108 тыс. рублёў, сказаў Аляксей Кушнарэнка.
— Грашовыя сродкі, заробленыя ад правядзення вясновага суботніка, будуць накіраваны на стварэнне пастаяннай экспазіцыі Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі, які будуецца, і іншыя спадарожныя гэтаму работы.